История в предметах

Першы падручнік на беларускай мове для вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў

21 лютага штогод адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны на Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года, каб дапамагаць захаванню культурнай і моўнай разнастайнасці ў свеце.

У Музеі гісторыі медыцыны Беларусі захоўваюцца медыцынскія кнігі 1920–1930-х гг. на беларускай мове, сярод якіх ёсць падручнік Вільяма Юльянавіча Мранговіуса «Скурныя і венерычныя хваробы (у табліцах)», выдадзены ў 1930 годзе.

Як лічаць аўтары артыкула «Беларуская мова ў медыцынскай адукацыі» С. Дз. Дзянісаў і С. П. Ярашэвіч, дадзенае выданне В. Ю. Мранговіуса было першым падручнікам на беларускай мове для вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў. Прафесар, дэрматолаг Вільям Юльянавіч Мранговіус (1874–1938) з’яўляўся першым загадчыкам кафедры скурных і венерычных хвароб медыцынскага факультэта БДУ ў 1923–1930 гг.

У прадмове В. Ю. Мранговіюс пісаў: «Першае выданне маёй кнігі “Скурныя і вэнэрычныя хваробы” – у табліцах на расійскай мове разышлося на працягу некалькіх месяцаў (аднаго навучальнага году), што паказвае на значную патрэбу ў такім скарочаным падручніку для студэнтаў, гэтак і для дактароў». Аўтар таксама адзначаў, што новае выданне яго працы на беларускай мове атрымалася выпраўленым і значна дапоўненым. Цікава, што ў гэтай прадмове прафесар выказваў словы падзякі свайму калегу – урачу-венеролагу Пятру Васільевічу Дыла – за дапамогу ў перакладзе кнігі на беларускую мову.

Яшчэ больш даведацца аб развіцці і станаўленні беларускай медыцынскай навукі можна ў Музеі гісторыі медыцыны Беларусі. Запрашаем вас на цікавыя і пазнавальныя экскурсіі!