Гісторыя заснавання ДУ РНМБ

Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка (РНМБ) займае асаблівае месца сярод цэнтраў па інфармацыйным і бібліятэчным забеспячэнні навукоўцаў і спецыялістаў навукова-практычных арганізацый аховы здароўя і навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя яе стварэння цесна звязана з развіццём бібліятэчнай справы, медыцынскай адукацыі і навукі ў нашай краіне.

29 мая 1939 г. Народны камiсарыят аховы здароўя СССР выдаў загад, у якім прапаноўвалася распрацаваць план арганізацыі медыцынскай бібліятэчнай сеткі і к канцу 1940 г. прадугледзець стварэнне ў кожнай вобласці фундаментальнай бібліятэкі пры абласным аддзеле аховы здароўя.

У 1940 г. былі зацверджаны асобны бюджэт і штат для навуковай медыцынскай бібліятэкі БССР. Загадам дырэктара Мінскага медыцынскага інстытута Ф.Я. Шульца № 98 ад 10.03.1940г. Дзяржаўную навуковую медыцынскую бібліятэку пры Мінскім медыцынскім інстытуце ўзначаліў Сіманоўскі І.Б., выбітны бібліятэказнаўца і арганізатар бібліятэчнай справы ў рэспубліцы. Менавіта гэта дата i лічыцца днём утварэння РНМБ. Толькі за першы год працы фонд бібліятэкі дасягнуў 15000 экземпляраў.

У 1941 г. праца бібліятэкі была перапынена Вялікай Айчыннай вайной. Кніжны фонд падчас акупацыі амаль цалкам быў знішчаны. І толькі ў 1944 г. спецыяльнай пастановай Саўнаркама БССР № 426 была адноўлена дзейнасць Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі Народнага камiсарыята аховы здароўя БССР, бiблiятэку ўзначаліла  С.Ф. Сяргеева.

Важным момантам у аднаўленні дзейнасці бібліятэкі было надзяленне яе функцыямі навукова-метадычнага і арганізацыйнага цэнтра для ўсіх медыцынскіх бібліятэк рэспубліцы. У красавіку 1945 г. загадам Народнага камiсарыята аховы здароўя БССР было вызначана арганізаваць пры кожным абласным аддзеле аховы здароўя абласную медыцынскую бібліятэку.

З 1954 г. бібліятэка стала самастойнай установай і размяшчалася ў будынку Мiнскай абласной клінічнай бальніцы на вул. Падлесная (плошча бібліятэкі – 230 кв.м). Загадам Міністэрства аховы здароўя БССР № 488 ад 20 жніўня 1954 г. яе дырэктарам быў прызначаны М.Л. Жук.

З 1975 г. бібліятэка стала галіновым дэпазітарыем рэспубліканскага значэння, а ўжо праз год святкавала наваселле ў спецыяльна пабудаваным для яе будынку на вул. Фабрыцыуса, 28, у чым несумненная заслуга дырэктара Л.Н. Паграбной, якая ўзначальвала РНМБ з 1968 па 1982 гг. Пад яе кіраўніцтвам пачаўся актыўны працэс рэфармавання многіх кірункаў працы. РНМБ пачала атрымліваць абавязковы платны экзэмпляр медыцынскай літаратуры, набываць ўсе медыцынскія часопісы, якія выдаваліся ў СССР, а таксама найбольш значныя замежныя перыядычныя выданні. Актыўна ішла праца па ўдасканаленні даведачнага апарата, а таксама форм і метадаў бібліятэчнага абслугоўвання навуковых працаўнікоў, урачоў-практыкаў, аспірантаў, сярэдняга медыцынскага персаналу.

Час станаўлення РНМБ як галаўнога цэнтра па стварэнні нацыянальнай медыцынскай бібліяграфіі, актыўнай навукова-даследчай працы, арганізацыі сеткі медыцынскіх бібліятэк, ўдасканаленні абслугоўвання чытачоў прыйшоўся на 60-80-я гг. мінулага стагоддзя.

З 90-х гг. у бібліятэцы пачаўся працэс актыўнага ўкаранення сучасных камп’ютэрных тэхналогій. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь зацвердзіла «Праект аўтаматызацыі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі», які прадугледжваў на базе сучасных сродкаў тэлекамунікацыі аўтаматызацыю ўсіх бібліятэчна-інфармацыйных працэсаў у сеткавым рэжыме, даванне карыстальнікам on-line доступу да каталогаў бібліятэкі і свабоднага выхаду ў глабальную сетку Інтэрнэт. Вялікая заслуга ў вырашэнні праблем аўтаматызацыі належала Я.Ф. Гарэлавай, якая ўзначальвала бібліятэку з 1982 па 2001 гг.

Са студзеня 1995 г. рашэннем Еўрапейскага рэгіянальнага Бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) бібліятэка стала Цэнтрам дакументацыі СААЗ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Сёння РНМБ, як сучасны інфармацыйны цэнтр, не спыняецца на дасягнутым, імкнучыся адпавядаць запытам і патрабаванням карыстальнікаў. Пры фінансавай падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь быў выкананы капітальны рэмонт будынка бібліятэкі, была набыта сучасная бібліятэчная мэбля і абсталяванне. Рэарганізавалася функцыянальная структура бібліятэкі: быў створаны адзіны пункт выдачы дакументаў незалежна ад месца іх захоўвання, створана зала адкрытага доступу, дзе паказаны найбольш каштоўныя і актуальныя выданні. У 2003 – 2017 гг. дырэктарам быў Уладзімір Мікалаевіч Сарока, а з 2017 г. — Інэса Браніславаўна Масло.

Штогод бібліятэка абслугоўвае каля 25 тыс. карыстальнікаў. Бібліятэчны фонд налічвае каля аднаго мільёна асобнікаў выданняў ў медыцыне і сумежных галінах ведаў, у тым ліку дакументаў на электронных носьбітах.

У бібліятэцы функцыянуе лакальная вылічальная сетка, якая складаецца з 6 сервераў і 68 рабочых станцый, з якіх 10 прызначаныя для працы карыстальнікаў з інфармацыйнымі рэсурсамі бібліятэкі. Доступ да дакументаў з фонду бібліятэкі, якія паступілі з 1990 г., рэалізуецца пры дапамозе электроннага каталога, які забяспечвае шматаспектны пошук інфармацыі з магчымасцю аўтаматычнага заказу дакументаў. Для стварэння і эксплуатацыі электроннага каталога, аўтаматызацыі працэсаў фармавання інфармацыйных рэсурсаў, кіравання імі і забеспячэння захаванасці выкарыстоўваецца аўтаматызаваная бібліятэчна-інфармацыйная сістэма «САБ-ИРБИС64». Электронная медыцынская бібліятэка прадстаўлена ў адкрытым доступе ў сетцы Інтэрнэт на сайце бібліятэкі па адрасе: www.rsml.med.by.

ДУ РНМБ аказвае актыўнае садзеянне ў развіцці і ўдасканаленні сістэмы забяспечання арганізацый і спецыялістаў навуковай медыцынскай інфармацыяй шляхам ўкаранення, падтрымкі і развіцця тэхналогій аддаленага доступу. З гэтай мэтай бібліятэка рэалізуе навуковы праект «Эксплуатацыя і развіццё медыцынскай навуковай інфармацыйнай камп’ютарнай сеткі, падтрымка і развіццё медыцынскіх інфармацыйных сервераў, распрацоўка і фармаванне новых медыцынскіх інфармацыйных рэсурсаў» (МедНИКС). У рамках работы створаны, падтрымліваюцца і развіваюцца Інтэрнэт-сайты, якія складаюць адзіны навуковы медыцынскі інфармацыйны партал MED.BY. У мэтах інфармацыйнага забеспячэння навуковай і практычнай дзейнасці галіны, РНМБ рыхтуе і выдае зборнік інструктыўна-метадычных дакументаў «Сучасныя метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі захворванняў» і аднайменную БД, якая распаўсюджваецца на CD-ROM і даецца ў вольны доступ на сайце www.med.by, а таксама рэцэнзаваны зборнік навуковых матэрыялаў і навуковую паўнатэкставую БД «Дасягненні медыцынскай навукі Беларусі», інфармацыйна-даведачны каталог «Ахова здароўя Беларусі”.

Адным з кірункаў работы бібліятэкі сёння з’яўляецца пазабюджэтная дзейнасць. У адпаведнасці з актуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і Статутам бібліятэкі, пазабюджэтнымі крыніцамі фінансавання з’яўляюцца: аказанне платных бібліятэчна-інфармацыйных паслуг карыстальнікам, выдавецкія і паліграфічныя працы, навукова-інфармацыйная праца з дамовамі, спонсарская дапамога, а таксама здача ў арэнду памяшканняў. Сума прыбыткаў ад пазабюджэтнай дзейнасці складае прыкладна 1/3 бюджэтнага фінансавання бібліятэкі.

Наяўнасць у бібліятэцы ліцэнзій на рэдакцыйна-выдавецкую і паліграфічную дзейнасць, а таксама ўласная паліграфічная база дазваляюць аказваць наступныя паслугі: выпуск навуковых, даведачных і рэкламных выданняў; літаратурнае, тэхнічнае рэдагаванне і мастацкі дызайн выданняў; аператыўная падрыхтоўка і размнажэнне малатыражных дакументаў, бланкавай і прэзентацыйнай прадукцыі, электронных БД на CD-ROM.

З 2005 г. РНМБ з’яўляецца ўдзельнікам Кансорцыума, які аб’ядноўвае медыцынскія бібліятэкі Расіі і Беларусі, па рэалізацыі праектаў «Зводны каталог перыёдыкі і аналітыкі па медыцыне» і «Медыцынскі аўтарытэтны файл «Медыкі Расiі» (састаўная частка – «Медыкі Беларусі»).

У 2006 г. на падставе загаду Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 640 ад 31.10.2005 у структуру бібліятэкі ўвайшоў Музей гісторыі медыцыны Беларусі.

РНМБ – гэта метадычны і каардынацыйны цэнтр для 107 медыцынскіх і бальнічных бібліятэк рэспублікі, у тым ліку 66 бібліятэк лячэбна-прафілактычных устаноў, 23 бібліятэк медыцынскіх устаноў адукацыi, 9 бібліятэк РНПЦ і 9 бібліятэк санаторна-курортных устаноў.